Золата палёў

На Дзятлаўшчыне набірае абароты жніво-2024. Аднымі з першых да ўборкі азімай пшаніцы прыступілі экіпажы СГФ “АграМілк”.

– Пераменлівыя ўмовы надвор’я зрабілі свае карэктывы як у графік уборкі, так і ўраджайнасць культур, – расказаў галоўны аграном філіяла Андрэй Лежань. – Уборачную кампанію мы пачалі 26 чэрвеня з азімага ячменю, пасеянага на плошчы 304 гектары, на сёння ён зжаты цалкам з ураджайнасцю 31,2 цэнтнера з гектара. Учора прыступілі да азімага рапсу: належыць убраць 600 гектараў, і паралельна пачалі жаць азімую пшаніцу – найперш участкі, пашкоджаныя засухай. Пакуль працуем на невялікім участку 20 гектараў. Першачарговая задача – выканаць дзяржаўны заказ.

Хлебаробы філіяла выйшлі ў поле ўдарным фронтам: працуюць адразу пяць камбайнаў, на адвозцы чатыры грузавыя машыны, на ўскрайку поля “страхуе” пажарная тэхніка гаспадаркі, за рулём – вопытны вадзіцель Вячаслаў Глубокі. Навучанне кіраванню пажарнай тэхнікай прайшоў на месцы ў спецыялістаў Дзятлаўскага РАНС.

– На пажарнай машыне я першы год, хоць вадзіцелем у сельскай гаспадарцы працую ўжо 35 гадоў, – расказвае ён. Пакуль камбайны ў полі – уважліва сачу, гатовы ў любы момант дзейнічаць. Але жадаю сабе і калегам, каб гэта не спатрэбілася.

Цікава, што ў адным месцы працуе як адзін з самых новых камбайнаў філіяла, так і сапраўдны “мамант” уборачнай – “Мега-208”, у якога гэта 23-е жніво. Практычна столькі ж на ім працуе камбайнерам Яўген Ярмаш, сёлета з ім у экіпажы памочнік Уладзімір Малаед.

– Работу толькі пачалі, настрой баявы, пазітыўны, – дзеліцца Яўген Уладзіміравіч. – Першыя палеткі не самыя лепшыя, іх няшмат. Скончым з імі – уварвёмся ў жніво па поўнай.  Поле роўнае, тэхніка ідзе добра, у кабіне кандыцыянер – тэмпература аптымальная. Можна працаваць і працаваць!

Усяго чацвёрты сезон на новенькім збожжаўборачным камбайне “Гомсельмаш GS-1218 A1”  працуюць камбайнер Міхаіл Кармільчык і памочнік Дзмітрый Кароль.

– Тэхніка надзейная, за тры сезоны не падвяла, – расказвае Міхаіл Міхайлавіч. – У параўнанні з папярэднікам у камбайне больш змяшчальны бункер на 7 тон, так што можна радзей выгружацца. Работы хапае, настрой актыўны. Кожны год жалі не менш як тысячу тон, думаем, і гэта кампанія не стане выключэннем. Лепшае – наперадзе.

Чацвёрты год на заслужаным адпачынку, але нязменна ў ліку перадавікоў жніва – Іван Марцукевіч. З работай вадзіцеля, якой прысвяціў не адзін дзясятак гадоў, не даюць расстацца паважлівыя адносіны начальства да калектыву і фінансавы аспект. Мужчына заўважае, што за сезон актыўнай працы на жніве можна добра зарабіць.

– Дома сумна сядзець! Здароўя хапае, каб працаваць, – кажа Іван Адольфавіч. – У рэкардсмены не імкнуся, працую па меры сваіх сіл і тэхнікі. Майму МАЗу ўжо гадоў 16, спішуць яго – пайду і я адпачываць. У выніковыя сезоны перавожу да 1500 тон зерня, сёлета пастараюся не пагоршыць вынік.

Калі пратрымаецца спякотнае надвор’е, аграрыі Дзятлаўшчыны ў хуткім часе парадуюць землякоў тысячнымі намалотамі.

Наталля АВЯРЧУК