З дабром – да ветэранаў працы

У рамках тыдня студэнцтва і моладзі аўторак на Дзятлаўшчыне аб’яўлены Днём міру і праходзіць пад дэвізам дабрыні.

У добрых справах раённую арганізацыю ГА “БРСМ” падтрымліваюць актывісты іншых грамадскіх аб’яднанняў раёна.

Першымі ў гэты дзень гасцей сустракалі пацыенты бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы.

З падарункамі да іх завіталі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскага РУП ЖКГ Валерый Ішуцін.

– Паважаныя ветэраны працы, – звярнуўся да насельнікаў бальніцы Аляксандр Дубовік, – ад імя моладзі раёна і грамадскіх аб’яднанняў мы дзякуем вам за ўсё, што зрабілі для нашай краіны. Шчыра жадаем, каб вас не хвалявалі хваробы і праблемы, бадзёрасці вам і сіл. Прыміце салодкія падарункі ад прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскага РУП ЖКГ.

Да пажаданняў далучыўся і Міхаіл Губар:

– Дабра вам, святла і цяпла. Сённяшні дзень праходзіць пад дэвізам міру, а таму, няхай неба над нашай краінай заўжды будзе мірным і спакойным.

Персанал бальніцы падзякаваў гасцям за пачастункі. Медыкі расказалі, што аддзяленне догляду было адкрыта 12 гадоў таму. Цяпер тут жывуць 30 састарэлых людзей і інвалідаў, у кожнага з якіх свае жыццёвыя праблемы. Радуе, што пра насельнікаў БСД не забываюць арганізацыі раёна, прывозяць ім пачастункі, агортваюць увагай. У аддзяленні ёсць свае доўгажыхары (95-годдзе сёлета адсвяткуюць Вольга Васільеўна Жэгала і Марыя Трафімаўна Саракацяга), ёсць і старажылы, якія знаходзяцца ў бальніцы сястрынскага догляду ўжо па 6-7 гадоў.

Ірына СТЫРНІК