Талакой – за парадак на зямлі. Рэспубліканскі суботнік на Дзятлаўшчыне

20 красавіка па ўсёй Беларусі праходзіць рэспубліканскі суботнік.

 

Дзятлаўшчына таксама масава ўключылася ў мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі, якія завяршаюць месячнік па санітарнай ачыстцы і ўборцы тэрыторый райцэнтра, гарадскіх пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў раёна.

Прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, а таксама работнікі калектываў і школьнікі раёна наводзяць парадак на тэрыторыі сваіх установаў, у грамадскіх месцах, каля помнікаў і месцаў пахаванняў ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, на гарадскіх і мясцовых могілках.

Адным з маштабных аб’ектаў суботніка стаў гарадскі сквер па вуліцы Слонімскай, дзе навядзеннем парадку займаліся кіраўніцтва і супрацоўнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, работнікі Дзятлаўскага лясгаса, ДРБУ-119, Дзятлаўскага РЭС раённай газэнергаінспекцыі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

Разам з калегамі працуе старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Традыцыя ладзіць суботнікі мае больш чым стогадовую гісторыю, калі Уладзімір Ленін нёс бервяно на майскім суботніку ў 1920 годзе. А ўсе добрыя традыцыі савецкага часу мы зберагаем  і  падтрымліваем. Відавочная карысць такіх мерапрыемстваў: добраўпарадкаванне, рамонт, прыбіранне тэрыторый – усё гэта мы робім для сябе і сваёй малой радзімы, – адзначыў кіраўнік раёна. – З другога боку, акумулююцца грашовыя сродкі, якія становяцца важным укладам у рэспубліканскія, абласныя і раённыя сацыяльныя, патрыятычныя праекты, як аднаўленне комплексаў “Брэсцкая крэпасць – герой” “Хатынь” і “Ала”. У межах суботніка мерапрыемствы па навядзенні парадку на Дзятлаўшчыне пачаліся з чацвярга, завяршаем іх разам з усёй краінай. Дзятлаўчан хвалююць пытанні добраўпарадкавання, гэта відаць па зваротах на прыём кіраўніцтва раёна. Калі чыста, паўсюль парадак, прыемна самім жыхарам раёна, тым больш, што кожны ўнёс у добрую справу пасільны ўклад.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што грашовыя сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку, часткова будуць пералічаны для рэалізацыі рэспубліканскіх праектаў – рэканструкцыю мемарыялаў і будаўніцтва патрыятычнага цэнтра. Доля фінансаў , прызначаная для раёна, будзе выдаткавана на патрэбы жыллёва-камунальнай службы, сацыяльнай  сферы і добраўпарадкаванне.

Дзятлаўчане актыўна ўключыліся ў актыўную добрую справу – рабіць наш родны край чыстым і прыгожым.

Вячаслаў Пятраш, інспектар раённай газэнергаінспекцыі:

– Парадак у парку наводзім кожны год, працуем разам з калегамі з раёна электрычных сетак. Надвор’е някепскае, нягледзячы на прагнозы, настрой пазітыўны. Прыемна папрацаваць на прыродзе і зрабіць чысцейшым родны горад.

Алена Бічэль, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў:

– Беларусы – працавіты і дбайны народ, таму наводзіць парадак на сваёй зямлі – з’ява натуральная. Дома ўжо падрыхтаваліся да вялікіх хрысціянскіх святаў, усё прыбралі, цяпер час удзяліць увагу роднаму гораду. Працуецца весела, дружна, бо каманда вялікая. Думаю, задачу хутка выканаем.

Наталля АВЯРЧУК