Прафсаюзы прынялі ўдзел у акцыі “Тры пакаленні ў адзіным страі”

На Дзятлаўшчыне прайшла грамадска-турыстычная акцыя “Час быць разам”, прысвечаная Дню народнага адзінства.

Яна аб’яднала тры пакаленні – людзей пенсійнага ўзросту, прадстаўнікоў працоўных калектываў  і прафсаюзных арганізацый, вучняў школ горада Дзятлава.

Турыстычны прабег стартаваў каля помніка Іосіфу Філідовічу, які ў часы Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, цаной свайго жыцця ўратаваўшы партызанскі шпіталь. Ад гэтым нагадала экскурсавод Алена Абрамчык.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда павітаў удзельнікаў мерапрыемства:

– Прыемна, што ў акцыі ўдзельнічаюць людзі рознага ўзросту, аб’яднаныя патрыятызмам і любоўю да роднага краю. Сёння ў вас ёсць магчымасць дакрануцца да гераічнай і трагічнай гісторыі Дзятлаўшчыны, магчыма, даведацца нешта новае для сябе, зразумець, чаму нам усім важна быць адзінымі і дружнымі.

Удзельнікі патрыятычнай акцыі праехалі па веламаршруце “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”, наведалі месцы гібелі мірных жыхароў раёна, ушанавалі іх памяць, усклалі кветкі да помнікаў і пахаванняў.

Фінальнай кропкай маршруту стаў партызанскі шпіталь у Ліпічанскай пушчы, на месцы якога нашы землякі ўзвялі ўваходную групу з цэльнага бруса ў форме зоркі ў памяць аб подзвігу савецкіх салдат і партызан.