ПРАФСАЮЗЫ ПАДЗЯКАВАЛI АГРАРЫЯМ

Стала традыцыяй, што падчас жніва з падзякамі за працу і падарункамі Дзятлаўшчыну наведваюць прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў – нашы шэфы.

Стала традыцыяй, што падчас жніва з падзякамі за працу і падарункамі Дзятлаўшчыну наведваюць прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў – нашы шэфы.

Сёлетняе жніво не стала выключэннем.

З прыемным даручэннем  ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Слава працы” наведаў загадчык арганізацыйнага аддзела названага прафсаюза Аляксей Дабрыян.

Для Уладзіміра Чарняўскага сёлетняе жніво – саракавое, а для сына Івана – пятнаццатае.

Гэтым старанным працаўнікам падчас шанавання пажадалі працоўнага даўгалецця: каб яшчэ шмат гадоў задавалі жніўны тон маладым, былі яшчэ не раз сярод лідараў і пераможцаў.

З уступленнем у кагорту тысячнікаў камбайнераў Чарняўскіх павіншавалі таксама старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюза сельгаставарыства Андрэй Падліпскі і Алена Зенчык.

Такім вялікім жніўным стажам, як у Чарняўскіх, не можа пахваліцца Валерый Крысанаў. Гэта яго жніво – толькі пятае, але малады вадзіцель стараецца і далучыўся да кагорты гранітаўцаў-тысячнікаў. Ён перавёз на 4 жніўня 1132 тоны зерня ад камбайнаў. Валерый таксама прымаў віншаванні ад абласнога прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў: Аляксей Дабрыян уручыў яму Падзяку і да яе прадугледжана грашовая прэмія.

Прыемны падарунак на жніве ў сваё 28-годдзе атрымаў таксама малады камбайнер КСУП “Слава працы” Аляксандр Бяляўскі. Яго на жніўным полі непадалёку ад аграгарадка Лявонавічы наведалі прадстаўнікі прафсаюзаў. Імянінніка павіншавалі з асабістым святам, падзякавалі за працу, пажадалі поспехаў і ўдачы.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

http://diatlovonews.by/