Прафсаюзны карагод

Дзівосы здараюцца пад Новы год, і кожны маленькі чалавек варты самага вялікага цуда.

Дзівосы здараюцца пад Новы год, і кожны маленькі чалавек варты самага вялікага цуда.

Напярэдадні Калядаў і Новага года выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава наведалі госці з прафсаюзаў.

Да дзяцей завітала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алена Бераснева разам са сваімі калегамі, старшынёй Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыем Макарчыкам. Прыйшлі з віншаваннямі і падарункамі. Разам з імі ў цэнтр завітаў Дзядуля Мароз, у ролі якога выступіла старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка. Яна правяла з дзецьмі і дарослымі цікавыя гульні каля ўпрыгожанай навагодняй ёлкі, перадала малечы ад піянераў раёна салодкія падарункі і канцылярскія прылады для вучобы і творчасці.

Прадстаўнікі абласных і раённых прафсаюзаў, якія кожны год наведваюць сацыяльна-педагагічны цэнтр у Дзятлаве ў межах акцый “Нашы дзеці” і “Прафсаюзы – дзецям”, сёлета зрабілі ўклад у паляпшэнне дабрабыту ўстановы: Алена Бераснева ўручыла дырэктару цэнтра Але Жэгалік грашовы сертыфікат, які будзе выкарыстаны на набыццё крэслаў для абедзеннай залы.

– Прафсаюзы заўжды надаюць вялікую ўвагу дзецям, асабліва тым, хто па нейкіх прычынах застаўся без клопату бацькоў, – адзначыла Алена Пятроўна. – Мы ўдзельнічаем у акцыі “Прафсаюзы – дзецям” увесь каляндарны год, і заўжды – перад навагоднімі святамі. Так хацелася б, каб свята для гэтых дзетак прайшло не тут, а дома, з сям’ёй. Але калі так здарылася, мы павінны зрабіць Новы год па-сапраўднаму цудоўным. Ужо шмат гадоў прадаўжаем супрацоўніцтва з Дзятлаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтрам, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца па-за сферай дзейнасці нашага прафсаюза. Прыязджаем сюды з радасцю, каб уручыць падарункі. Дапамагчы такой установе – справа вельмі патрэбная, важная і высакародная. І вельмі хвалюючая, шчымлівая. Са свайго боку і ад маіх калегаў па прафсаюзнай арганізацыі я абяцаю, што мы не забудзем цэнтр і будзем падтрымліваць у далейшым.

Наталля АВЯРЧУК

Главная NewsPortal