Прафсаюзны Дзед Мароз і не толькі

Дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па Дзятлаўшчыне. 24 снежня ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зноў завіталі госці.

Дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па Дзятлаўшчыне. 24 снежня ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зноў завіталі госці.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык прапанаваў грамадскім арганізацыям раёна сёлета сабрацца разам, каб падтрымаць выхаванцаў установы і падарыць ім святочны настрой. Грамадскія аб’яднанні заёсёды былі і будуць актыўнымі ўдзельнікамі дабрачынных акцый.

– Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі ўключыўся ў акцыю “Нашы дзеці” з дня яе адкрыцця, – расказаў старшыня раённай арганізацыі Станіслаў Фабішэўскі. – Сёння 15 юных дзятлаўчан у рамках акцыі паехалі на ранішнік у Мінскі Палац прафсаюзаў. А мы прыйшлі падарыць святочны настрой выхаванцам карэкцыйнага цэнтра. Наш прафсаюзны Дзед Мароз прынёс асаблівым дзецям індывідуальныя салодкія падарункі.

– Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу традыцыйна прымае ўдзел у акцыі “Нашы дзеці”, – адзначыў старшыня раённага аб’яднання Уладзімір Казак, – і гэта тычыцца не толькі Дзятлава, у аграгарадках працуе пярвічнае звяно раённай прафсаюзнай арганізацыі: у Дамах культуры праходзяць ранішнікі для дзяцей з уручэннем салодкіх падарункаў і цацак. Мы пастараемся, каб ні адно дзіця не засталося без увагі. Выхаванцы карэкцыйнага цэнтра атрымаюць развіваючыя гульні ад нашага аб’яднання.

– Валанцёры раённай арганнізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, – прадоўжыла размову старшыня раённай арганізацыі Галіна Касцюк, – прыходзяць з падарункамі ў карэкцыйны цэнтр кожны год. Загадзя мы цікавімся, што неабходна, і сёння прынеслі дзецям развіваючыя гульні з экалагічных матэрыялаў. Не застануцца дзеткі і без салодкіх падарункаў. Яны былі сабраны добраахвотнікамі ў магазіне “Родны кут” у рамках акцыі Чырвонага Крыжа “Ёлка жаданняў”.

– Раённы савет ветэранаў таксама ўдзельнічае ў кацыі “Нашы дзеці” і не пакідае без увагі асаблівых дзетак, – раксазвае старшыня Міхаіл Губар. – Мы падорым выхаванцам карэкцыйнага цэнтра мяккія цацкі і дошку для малявання і пісьма.

Дзеці і педагогі Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі засталіся задаволенымі візітам гасцей і цудоўнымі падарункамі.

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара

газета “Перамога”