Па тэме з аналітыкай. Як павысіць даход у пенсійным узросце?

Тэма: Добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі

 

Факт

Паралельна з існуючай пенсійнай сістэмай з 1 кастрычніка 2022 года ў Беларусі пачаў працаваць механізм добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі (у сілу ўступіў указ Прэзідэнта № 367). Згодна з гэтым нарматыўным дакументам, кожны грамадзянін мае права сфарміраваць “другую пенсію” з фінансавай падтрымкай дзяржавы, а рэалізаваць праграму яе назапашвання дапамагае РУСП “Стравіта”, прычым дзяржава гарантуе страхавыя выплаты па дагаворах страхавання, заключаных гэтым страхавым прадпрыемствам.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамогаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Дадатковы від назапашвальнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы спалучае тры галоўныя плюсы. Для работніка – гэта даступны і зразумелы механізм зберажэння сродкаў на старасць з фінансавай падтрымкай дзяржавы. Для наймальніка – яго затраты на пенсійныя ўзносы не павялічацца. Для дзяржавы – фарміруецца доўгатэрміновы інвестыцыйны рэсурс.

Калі чалавек жадае павысіць свой будучы пенсійны даход, ён павінен падаць заяву і заключыць дагавор пры асабістым візіце ў РУСП “Стравіта” або ў электроннай форме праз яе афіцыйны сайт. Аб заключэнні дагавора і ўдзеле ў новай праграме трэба паведаміць наймальніку, бо менавіта ён па заяве работніка штомесяц будзе пералічваць дадатковыя ўзносы на назапашвальную пенсію. Важна ведаць, што пры ўступленні работніка ў новую праграму расходы яго наймальніка на выплату пенсійных узносаў не павялічацца.

Варта ўлічыць, што ўдзельнічаць у праграме назапашвання “другой пенсіі” могуць толькі тыя работнікі, за якіх наймальнік выплачвае абавязковыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, бо менавіта гэта дазваляе “запусціць” механізм дзяржаўнага суфінансавання будучай назапашвальнай пенсіі. Пачаць свой удзел у новым страхаванні можна не пазней, чым за 3 гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (за больш кароткі час назапасіць істотныя сродкі не атрымаецца).

Звярніце ўвагу

Работнік сам выбірае памер штомесячнага ўзносу на назапашвальную пенсію, які можа складаць ад 1 % да 10 % зарплаты. Аднак калі гэта 1 % ці 2 %, то наймальнік будзе ўносіць роўна такую ж суму. Калі ж работнік выбірае выплату 3 % і больш, то наймальнік штомесяц будзе ўносіць па 3 % (гранічная сума) ад фактычнага заробку гэтага чалавека. Як бачым, максімальна магчымы агульны ўзнос работніка і наймальніка па новай праграме – 13 %. Разам з тым, уступленне ў новую праграму ніяк не адаб’ецца на суме будучай працоўнай пенсіі (звычайнай для нас). Яе памер вызначаць па тых жа правілах, што і ў работнікаў, якія не ўдзельнічаюць у добраахвотным страхаванні.

Выплата дадатковай назапашвальнай пенсіі будзе ажыццяўляцца пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Штомесячны памер “другой пенсіі” будзе залежаць ад сумы назапашаных сродкаў і выбранага грамадзянінам перыяду яе атрымання – на працягу 5 або 10 гадоў.

Ёсць плюсы

Для ўдзельнікаў новай праграмы прадугледжаны фінансавыя стымулы:

– ільгота па падаходным падатку: уяўляе сабой сацыяльны падатковы вылік на суму страхавога ўзносу, выплачанага за кошт сродкаў работніка на будучую назапашвальную пенсію;

– дадатковыя назапашвальныя пенсіі вызваляюцца і ад падаходнага падатку з фізічных асобаў;

– гарантыя захаванасці грашовых сродкаў;

– магчымасць атрымання пенсійнага зберажэння ў спадчыну.

Даведка

У выпадку, калі смерць работніка настала да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, яго спадчыннікам будзе выплачана сума ў памеры фактычна назапашаных страхавых узносаў з улікам даходнасці за вылікам расходаў страхоўшчыка на вядзенне справы.

Калі ж смерць такога чалавека надыходзіць пасля агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, але ён не паспеў атрымаць належную яму суму страхавога забеспячэння, астатак яе таксама выплачваецца спадчыннікам.

Забраць узносы датэрмінова ўдзельнік пенсійнай праграмы не зможа (за выключэннем выпадкаў устанаўлення яму І ці ІІ груп інваліднасці да дасягнення пенсійнага ўзросту).

А вось спыніць выплату страхавых узносаў можна. Фактычна выплачаныя ўзносы застануцца на імянным асабовым рахунку работніка, на іх будзе налічвацца даходнасць. Выплата дадатковай назапашвальнай пенсіі пачнецца пасля дасягнення агульнавызначанага ўзросту, штомесячны памер падлічаць, зыходзячы з сумы сродкаў і выбранага (5 ці 10 гадоў) тэрміну атрымання.

Ірына СТЫРНІК