Нам даверана памяць. Пад знакам мужнасці і стойкасці

Лічаныя дні засталіся да ўрачыстага рытуалу ўручэння вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” гораду Дзятлаву.

 

Нагадаем, што паводле Указа № 44 ад 2 лютага 2024 года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі сёлета гэтай дзяржаўнай узнагароды ўдастоены 9 населеных пунктаў Беларусі: гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Аболь і Асвея.

Адметна, што вымпелам яны адзначаны да важнай для нашай Айчыны юбілейнай даты – 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” як ганаровы знак адрознення быў зацверджаны 6 кастрычніка 2004 года ўказам кіраўніка дзяржавы да 60-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад ворага, а сама традыцыя ўзнагароджваць населеныя пункты, якія па-геройску сябе праявілі ў гады ваеннага ліхалецця, каранямі сыходзіць да савецкага мінулага. З даты зацвярджэння і да гэтага часу вымпелы атрымалі 27 населеных пунктаў Беларусі, сёлета іх стала ўжо 36.

Аб важнасці падзеі выказаліся дзятлаўчане, якія сваёй працай, вучобай, добрымі справамі ўслаўляюць і развіваюць родны горад і радуюцца кожнай адметнай падзеі, звязанай з яго гісторыяй.

Алена Абрамчык, экскурсавод, спецыяліст па турызме турыстычнага інфармацыйнага цэнтра:

– Як толькі мы даведаліся, што нашаму гораду ўручаецца вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, адразу ж падключылі турыстычную сферу да адлюстравання тэмы. У нас ужо была пэўная база, бо на два гады распрацавана турыстычная стратэгія па чатырох кірунках, адзін з якіх “Дзятлаўшчына гераічная”. За гэты час стварылі тры праграмы, і ў нас ужо быў веламаршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Першая праграма – “Па слядах герояў”, яна ўключае помнікі горада, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і падзеі, з імі звязаныя, а таксама мемарыял “Дзеці ліхалецця” на гарадскіх могілках, домік паляўнічага Дзятлаўскага лясгаса, дзе “На прывале” сустракаюць і расказваюць пра ўдзел у партызанскім руху першыя яго камандзіры Біцько і Вахонін, дзе можна паслухаць ваенныя песні, патанцаваць, пакаштаваць салдацкай кашы. Другая праграма – “Халакост на Дзятлаўшчыне”, бо мы ведаем, што ў раёне праходзілі расстрэлы не толькі мясцовага яўрэйскага насельніцтва, але і яўрэяў, прывезеных з розных гарадоў. Пачынаецца маршрут на гарадской плошчы, затым наведваем месцы, звязаныя са знішчэннем яўрэйскага насельніцтва і гета ў Дзятлаве, едзем да мемарыяла паблізу вёскі Коцькі, пры жаданні турысты могуць яшчэ наведаць музей Новаяльнянскай школы “Дзеці ліхалецця”. Трэцяя праграма “Дзяцінства, апаленае вайной” адлюстроўвае не толькі дзіцячую трагедыю, але і трагедыю ўсёй Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга жыхара. З гэтымі падзеямі звязаны камень-помнік у Дзятлаве на месцы прытулка, мемарыял “Дзеці ліхалецця” і аднайменны Новаяльнянскі школьны музей. Заканчваецца турнэ ў аграсядзібе “Каля дуба” тэатралізаваным прадстаўленнем артыстаў Дварэцкага дома культуры “На сонечнай палянцы”. Безумоўна, мы прадоўжым ствараць новыя праграмы і маршруты.

Генадзь Суравец, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна:

– Рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб зацвярджэнні вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” для ўручэння беларускім гарадам, якія асабліва вызначыліся ў гады ліхалецця, лічу правільным. Гэта даніна гераічнай памяці нашым дзядам і прадзедам, усім, хто ў ваенныя гады ў партызанскіх атрадах, падполлі цаной уласнага жыцця набліжаў вялікае свята Перамогі. Мы шмат ведаем аб гераічным мінулым нашай Дзятлаўшчыны, аб гісторыі яе вызвалення і подзвігах, якія тут здзяйсняліся, аднак ёсць яшчэ і “белыя плямы”. На тэрыторыі раёна ў 2024 годзе прадоўжацца пошукавыя работы па выяўленні няўлічаных пахаванняў ахвяраў вайны. Яны пройдуць на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета ў верасні сіламі 52 асобнага пошукавага батальёна. Ужо прынята рашэнне райвыканкама аб іх ажыццяўленні. Аб’ект пошуку – 4 брацкія магілы, дзе пахаваны 654 чалавекі, аб чым сведчыць акт зладзействаў, аформлены камісіяй Казлоўшчынскага раёна 6 лютага 1945 года. Мяркуем знайсці рэальнае пацвярджэнне фактаў, адлюстраваных у дакуменце.

Міхаіл Губар, старшыня раённага савета ветэранаў:

– На жаль, з кожным годам усё менш сярод нас жывых сведкаў ваенных падзей. На Дзятлаўшчыне засталіся 7 вязняў фашысцкіх канцлагераў, да сябе даглядаць у іншыя раёны дзеці забралі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Ляха і работніцу тылу Марыю Цімафейчык. Тым не менш, мы павінны ведаць, памятаць і ўшаноўваць подзвігі тых людзей, якія адстаялі для нас мір і свабоду, вучыць гэтаму падрастаючае пакаленне. Адметна, што да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наш горад адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Урачыстасць, звязаная з гэтай падзеяй, яшчэ раз нагадае дзятлаўчанам, якія нарадзіліся і жылі ў мірны час, аб выпрабаваннях, праз якія прайшлі іх продкі, каб адстаяць мір і свабоду. Раённы савет ветэранаў разам з іншымі калектывамі і грамадскімі аб’яднаннямі Дзятлаўшчыны праводзіць сустрэчы памяці, патрыятычныя мерапрыемствы самага рознага фармату. Безумоўна, найбольш яркі і запамінальны след у сэрцах удзельнікаў пакідаюць выступленні і ўспаміны жывых сведкаў падзей. Многім нашым землякам, у тым ліку навучэнцам, яшчэ пашчасціла застаць у жывых ветэрана Фёдара Васільевіча Шалеснага. Літаральна да нядаўняга часу ён быў для нас прыкладам дабрыні, чуласці, уважлівых адносінаў да людзей. Такіх людзей наша Дзятлаўшчына ўзрасціла нямала, таму вымпел для нашага райцэнтра – гэта заслужаная і пачэсная ўзнагарода.

Дар’я Піваварчык, навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы:

 

– Адчула гонар за наша Дзятлава, калі даведалася пра атрыманне вымпела. Я ўваходжу ў актыў народнага школьнага музея “Дзеці ліхалецця”, дзе разам з кіраўніком Тамарай Крывеня вывучаем і захоўваем гісторыю. Горад Дзятлава з’яўляецца годным прыкладам баявога і працоўнага подзвігу, усенароднай барацьбы жыхароў нашага раёна, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Так здарылася, што разам з Тамарай Уладзіміраўнай я рыхтавала экспазіцыю да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Адзін з яе раздзелаў – “Цытадэлі мужнасці” – прысвечаны менавіта 36 населеным пунктам Беларусі, якія ўзнагароджаны вымпеламі “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, у тым ліку нашаму Дзятлавк. Для мяне гэта было цікава і пазнавальна. Узнагароджанне вымпелам – вельмі важная падзея для раёна, бо гэта прызнанне заслуг нашых ветэранаў, якія набліжалі Перамогу, і напамін нам, маладому пакаленню, аб подзвігу нашых прадзедаў.

Як экскурсавод народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Дзеці ліхалецця”, прымаючы ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні тэатралізаванай экскурсіі, я ўсё больш даведваюся пра мужнасць і стойкасць дзяцей, якія ў няволі не пакарыліся ворагу.

Ірына СТЫРНІК