Да Міхаіла Сяргеевіча звярнулася чатыры заяўнікі, аднак пытанняў, якія вынікалі з размовы, было значна больш. Яны тычыліся праваадносінаў у сферы аграэкатурызму, утрымання дарог, падатковага заканадаўства, умоваў вядзення і падтрымкі прыватнага бізнесу, памеру кампенсацыі пасля дзіцячага свавольства з агнём, занятасці ў эканоміцы, работы ачышчальных збудаванняў Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

Напрыканцы Міхаіл Орда падвёў вынікі работы ў час прыёму:

– Для дэпутата абсалютна ўсе пытанні ад высокіх заканадаўчых да простых “чалавечых” з’яўляюцца важнымі. Сваімі галасамі выбаршчыкі надзялілі мяне паўнамоцтвамі, і я перад імі нясу адказнасць. За час дэпутацтва даводзілася вырашаць самыя розныя праблемы. Важна пры гэтым перажываць за сваю акругу, сваіх людзей, тады ты адпавядаеш патрабаванням дэпутата і тым спадзяванням, якія ёсць у выбаршчыкаў.

Сённяшні прыём атрымаўся рознабаковым. Закраналіся тэмы, якія патрабуюць заканадаўчага рашэння, а заканадаўства ніколі не стаіць на месцы, “не застывае”, бо гэта пытанні жыцця, якое заўжды нешта прыўносіць, ажыццяўляецца ўдасканаленне, дапрацоўка законаў.

Пытанне, якое тычыцца занятасці, не “аднабокае”: калі ў чалавека няма работы, калі не можам яго як спецыяліста пэўнага класа забяспечыць ёю, то несправядліва прапаноўваць яму рабочую спецыяльнасць. Ён вучыўся, можа зрабіць больш карысці. Таму Прэзідэнт і патрабуе стварэння канкурэнтаздольных прадпрыемстваў з добрай зарплатай. Калі прафесіяналы не могуць знайсці работу, яны выязджаюць, раёны губляюць працоўныя рэсурсы. Чалавек павінен мець не толькі камфортнае жыллё, але і перспектывы, зарплату, тады і раёны будуць развівацца, дзеці ў іх заставацца. Калі ж работнік выязджае за мяжу, там жыве і плаціць падаткі, а ў Беларусь прыязджае карыстацца бясплатнай медыцынай, якую аплачваюць нашы падаткаплацельшчыкі – прабачце.

Узнімалася і тэма падаткаў. Зразумела, калі падатак на дабаўленую вартасць прыватнаму бізнесу не вяртаецца, па ім застаецца запазычанасць, а працаваць і далей плаціць падаткі, зарплату работнікам трэба, то неабходна ўвесці “залік”. Бо калі такі наймальнік несвоечасова выплачвае зарплату, яго за гэта караюць штрафам – гэта не вельмі справядліва.

Было пытанне, якое тычыцца міжасабовых адносінаў, нават больш чалавечых. Мы павінны разумець, што жывём побач, і Беларусь не такая і вялікая краіна, мы павінны адчуваць сябе адной сям’ёй. Павінна быць спачуванне, калі ёсць цяжкасці, не трэба імі карыстацца, а працягнуць руку, дапамагчы. Каб жыць камфортна, трэба паступаць сумленна, па-хрысціянску, быць больш уважлівым, чулым. Несумленныя справы нікому не ідуць на карысць. Выпадак дзіцячага свавольства з агнём – страхавы. У ім абавязкова неабходна разабрацца па справядлівасці, каб людзі не засталіся адзін на адзін з бядой.

Пытанне работы ачышчальных збудаванняў сыраробнага завода – вельмі даўняе. Яго неабходна вырашаць. “Паўмерамі”, якія выкарыстоўваем цяпер, зрабіць гэтага немагчыма, праблема будзе нарастаць. Прылеглыя домаўладанні знаходзяцца ў санітарнай зоне, іх гаспадары не павінны пакутаваць і адчуваць нязручнасці. Гэта якасць чалавечага жыцця, а ў нашай дзяржаве заканадаўча абазначана, што першай каштоўнасцю з’яўляецца грамадзянін. І калі гэтаму грамадзяніну не па яго віне робяць некамфортна, нясцерпна – неабходна звярнуць увагу.

Адным словам, ёсць сур’ёзныя, прынцыповыя пытанні, якімі будзем займацца, будуць дадзены адпаведныя даручэнні і запыты. Зразумела, што некаторыя рашэнні запатрабуюць больш часу, аднак усе яны застаюцца на дэпутацкім кантролі.

Ірына СТЫРНІК