Лідары “зялёнага жніва” адзначаны ўзнагародамі

На  Дзятлаўшчыне актыўна вядуцца работы па нарыхтоўцы кармоў.

На  Дзятлаўшчыне актыўна вядуцца работы па нарыхтоўцы кармоў.

Каб заахвоціць працаўнікоў, занятых на касавіцы, прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу штогод арганізуе раённае спаборніцтва сярод механізатараў сельгасарганізацый па своечасовым і  якасным правядзенні корманарыхтоўкі з траваў першага ўкосу.


Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях: касьба траў, а таксама здрабненне і падбор сянажнай масы.

З лепшымі працаўнікамі аграпрамысловага комплексу за першую дзесяцідзёнку нарыхтоўкі кармоў сустрэліся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Яны павіншавалі перадавікоў, падзякавалі за добрасумленную працу, прафесіяналізм і адданасць справе, уручылі дыпломы і падарункі.

Лепшым на касьбе траў стаў механізатар КСУП “Войневічы” Сяргей Пятліцкі. На трактары МТЗ-3022 у агрэгаце з касілкай “Samasz” шырынёй 9 метраў ён скасіў 669 гектараў.

 

На падборцы і здрабненні зялёнай масы лепшы вынік у Сяргея Орсіка з КСУП “Хвінявічы”. На кормаўборачным камбайне КВК-800 ён нарыхтаваў 2388 тон сянажнай масы.

– Прыемна, што ў гаспадарках раёна ёсць людзі, якія годна і з гонарам выконваюць свае абавязкі. Калі цяпер паспець зрабіць працу своечасова і якасна, то можна быць упэўненымі, што будзем з малаком, – падкрэсліў Віталій Шулейка.

Уладзімір Казак лічыць, што падобныя спаборніцтвы спрыяюць выхаванню павагі да сялянскай працы, жаданню працаваць на зямлі і з’яўляюцца добрым стымулам для далейшых працоўных поспехаў. Ён нагадаў, што раённае саперніцтва працягваецца.

Кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый таксама далучыліся да віншаванняў.

Вольга ЮШКЕВІЧ