Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя

Лідарам раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Дзятлаўшчыны перавыбрана Святлана Залучан.

 

Прайшла XXIII раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя, на якой члены прафсаюзнага аб’яднання не толькі прагаласавалі за падаўжэнне паўнамоцтваў свайго ранейшага кіраўніка, выбралі прэзідыум і рабочыя органы, але і падвялі вынікі за мінулую пяцігодку, вызначыліся з задачамі на перспектыву.

У пасяджэнні прымалі ўдзел старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Тамара Стасевіч, Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.

– Наша раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў дзяржаўных і іншых установаў – гэта шматпрофільны прафсаюз, які налічвае 632 члены, аб’яднаныя ў 13 арганізацый, – расказала Святлана Залучан. – Ахоп прафсаюзным членствам – 97,7 %. Высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства спрыяе камфортнаму маральна-псіхалагічнаму клімату, што пацвярджаецца адсутнасцю калектыўных працоўных спрэчак і разбіральніцтваў. Вядзецца мэтанакіраваная работа па абароне правоў работнікаў. Важнейшы інструмент іх абароны – калектыўныя дагаворы, дзе значнае месца займаюць пытанні паляпшэння ўмоваў працы, прэміяльная сістэма яе аплаты, дадатковыя гаранті пэўным катэгорыям работнікаў і іншае.

Ва ўсіх пярвічках выбраны грамадскія інспектары па ахове працы, распрацаваны правілы бяспекі, праводзяцца інструктажы.

Важная задача, у вырашэнні якой прымаюць удзел прафсаюзы, – арганізацыя аздараўлення работнікаў і іх дзяцей, з’явілася новая форма аздараўлення – тур выхаднога дня. Выкарыстоўваюцца іншыя магчымасці для адпачынку: традыцыйнымі сталі сплаў на байдарках, аўтапрабегі, у Год гістарычнай памяці шырока праходзіла турысцка-экскурсійная дзейнасць прафсаюзных арганізацый.

Актыўна займаюцца пярвічкі дабрачыннай дзейнасцю, традыцыйнымі сталі ўдзел у правядзенні акцый “Нашы дзеці”, “Збяром дзіця ў школу”, аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.

Задачы для прафсаюзных арганізацый пастаянна ўскладняюцца. Людзі чакаюць канкрэтнай дапамогі. У такіх умовах істотна ўзрастае адказнасць старшыняў прафсаюзных камітэтаў. Аднак якія б праблемы ні стаялі, галоўным для прафсаюза застаюцца абарона сацыяльна-працоўных правоў работнікаў, рэалізацыя права на годную працу, заработную плату, бяспечныя ўмовы, рост дабрабыту.

Удзельнікі канферэнцыі выбралі дэлегатаў на XXVI справаздачна-выбарную канферэнцыю Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, на II справаздачна-выбарную канферэнцыю раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама дэлегіравалі прадстаўнікоў у састаў савета райаб’яднання.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ