А вы ўжо бачылі дзятлаўскія фантаны?

Такі цікавы падарунак роднаму гораду зрабілі камунальныя службы.

– Да Дня Незалежнасці на першым возеры ў горадзе Дзятлаве былі ўстаноўлены тры плывучыя фантаны з падсветкай, – расказвае дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. – Яны працуюць ад сеткі 220 В, ноччу запальваюцца каляровымі агнямі. Іх набывалі ў Мінску, адзін такі фантан абышоўся нам у 3600 рублёў, таксама заказвалася праектная дакументацыя на падключэнне падсветкі. Выбралі максімальную вышыню распылення ўверх і ўбок, каб фантаны радавалі вока і не залівалі прахожых. Для работы фантаны будуць забіраць ваду з возера, у іх устаноўлены спецыяльныя ачышчальныя фільтры, якія неабходна перыядычна замяняць. Дапоўнім гэты комплекс ачысткай возера ад расліннасці, якую правядзём на бліжэйшым тыдні.

Наталля АВЯРЧУК