Бульба ўрадзіла

Не так даўно завяршылася масавае жніво, і з надыходам восені пачалася актыўная ўборка кукурузы, бульбы і буракоў.

 

У КСУП “Хвінявічы” вырасцілі багата “другога хлеба”, цяпер задача – убраць яго аператыўна і без стратаў.

– Ураджай бульбы сапраўды радуе, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка. – Па папярэдніх даных, сярэдняя ўраджайнасць сёлета складзе не менш як 300 цэнтнераў з гектара, што вышэй за мінулагодні паказчык. Як і ў мінулым годзе, бульба высаджана на 72 гектарах на двух участках, прадстаўлена гатункамі “Першацвет”, “Скарб”, “Брыз”.

Па традыцыі за вялікую справу ўборкі ўраджаю бульбы дзятлаўчане ўзяліся талакой: на дапамогу работнікам КСУП “Хвінявічы” прыйшлі медыкі і педагогі – работнікі дзіцячых садоў № 1 і № 2 горада Дзятлава, а таксама калектывы сярэдняй школы № 1 і Хвінявіцкай сярэдняй школы.

Працуем тут ужо два тыдні, гаспадарцы дапамагаем і нашай навучальнай установе зарабляем грошы на будучыя рамонты, – расказвае рабочы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Станіслаў Семяновіч. – Кожны дзень прыязджаем рознымі групамі па 8 чалавек.

Станіслава Міхайлавіча калегі па рабоце жартам называюць Стасам Міхайлавым, як вядомага спевака. Невядома, ці так добра спявае мужчына, як зорка расійскай эстрады, але са сваёй функцыяй па транспарціроўцы і загрузцы бульбы на прычэп трактара спраўляецца выдатна: не дазваляе жанчынам самім насіць цяжкую тару.

На полі ў Аляксандравічах мабільныя брыгады памагатых працуюць пад кантролем брыгадзіра на раслінаводстве з 40-гадовым стажам Аляксандра Наваграна. Ён расказаў аб ходзе работ:

– На сённяшнюю раніцу ў гаспадарцы бульба сабрана на плошчы 27 гектараў. Цяпер убіраем гатунак “Брыз” ручным спосабам на насенне. Гатункі “Першацвет” і “Скарб” для пасадкі ўжо нарыхтавалі, цяпер апошні ўбірае бульбаўборачны камбайн для захоўвання, далейшай сарціроўкі і перапрацоўкі.

 

Актыўны ўдзел у асенніх палявых работах прымаюць пенсіянеры райцэнтра, якіх на бульбяное поле дастаўляе транспарт КСУП “Хвінявічы”. Многія з іх працуюць разам ужо больш за дзесяць сезонаў, прыязджаюць сюды ахвотна.

– Нам патэлефанавала кіраўніцтва гаспадаркі, запрасіла дапамагчы капаць бульбу, і мы з радасцю пагадзіліся, – расказвае дзятлаўчанка Ірына Дзірвук. – Умовы працы някепскія, кормяць добра, вада ёсць, нават сурвэткі, як у рэстаране. Даязджаем да месца таксама з камфортам: раніцай забіраюць у Дзятлаве, апалове пятай дастаўляюць назад.

Жанчына называе людзей, якія сёння працуюць побач з ёй: Тамара Янушкевіч, Наталля Сцяпура, Вячаслаў Сіўко, Уладзімір Трусаў – усе “ветэраны” бульбянога руху, якія нават на заслужаным адпачынку ў сезон зарабляюць сваю капеечку.

– Дык ці добра плацяць? – пытаю ў жанчыны.

– Каб нас не задавальняла аплата, не ездзілі б на бульбу столькі гадоў запар, – безапеляцыйна заяўляе суразмоўніца.

На бульбяным полі КСУП “Хвінявічы” працуе не толькі шмат людзей, але і нямала машын: сваю тэхніку гаспадарцы прадаставілі Дзятлаўскія лясгас, жылкамунгас, цэнтральная раённая бальніца і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. А як жа не дапамагчы, калі просяць землякі?..

Наталля АВЯРЧУК