Знаёмая-незнаёмая Міроўшчына

Міроўшчына – адно з месцаў, дзе захаваліся матэрыяльныя астанкі гісторыі Дзятлаўшчыны і шляхецкага роду Стравінскіх.

 

Гэта і вядомы парк, і сёе-тое з пабудоў былой сядзібы памешчыкаў Стравінскіх, і шматфункцыянальная дрэнажная водная сістэма канца XIX стагоддзя. Дзякуючы даследаванням беларускіх вучоных А. Кулагіна, А. Федарука, святара Г. Роя, былога пробашча Накрышскай Барыса-Глебскай царквы, можна больш падрабязна даведацца пра некаторыя старонкі гісторыі Дзятлаўшчыны.

Першыя звесткі аб Накрышках і Міроўшчыне суадносяцца з канцом XVII стагоддзя. Яны звязаны з прозвішчам старажытнага ліцвінскага роду Стравінскіх. Ёсць меркаванне, што ў 70-х гадах XVII стагоддзя Стравінскія набылі вялікія землеўладання на Дзятлаўшчыне і заснавалі два маёнткі – Накрышкі і Міроўшчына. Такі запіс знойдзены ў кнігах Літоўскай метрыкі за 1690 год. У 1774 годзе панскі фальварак Накрышкі значыцца ў спісе Віленскай рымска-каталіцкай епархіі і адносіцца да Дзятлаўскай парафіі.

Галіна роду Стравінскіх суадносіцца з радавым гербам Сулімы і ўзыходзіць да імя Кшыштафа Стравінскага, троцкага земскага суддзі. У яго было сямёра сыноў. Сын Ігната Стравінскага – Бруна Фларыян Стравінскі (нарадзіўся ў 1750 годзе) – атрымаў ад бацькі ў спадчыну тытул старасты слонімскага і два маёнткі – Накрышкі і Міроўшчына. У 1775 годзе ён ажаніўся з Францыскай Валадковіч, дачкой мінскага стольніка, і перабраўся на пастаяннае жыхарства ў Накрышкі. Жонка перажыла свайго мужа, які памёр у канцы 90-х гадоў XVIII стагоддзя або ў пачатку XIX-га. Пасля смерці Бруна Фларыяна Стравінскага кіруе маёнткам яго ўдава Францыска. У яе было трое сыноў – Іван, Іосіф, Адам.

Са шматлікіх сведчанняў сялян вядома, што Францыска вылучалася жорсткасцю. Напрыклад, селянін Кіпрыян Сцяпура быў закаваны ў кайданы, яго доўгі час трымалі ў падвале. Па іншых звестках, пані Стравінская прымушала сваіх сялян звыш меры працаваць на паншчыне, а падчас сезонных прац – нават цяжарных жанчын. У канцы 20-х гадоў XIX стагоддзя Стравінская памерла. Пасля яе смерці ўладанні былі падзелены на тры часткі. Маёнтак Накрышкі і навакольныя вёскі (Ганчары, Калпінскія, Нагорнікі, Навікі, Хабаткі, Русакі, Парэчча, Труханавічы, Гірычы) адышлі да Івана Стравінскага. Іосіф атрымаў у спадчыну Хвінявічы і Пацаўшчыну.

Адам павінен быў атрымаць Міроўшчыну, але за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў быў пазбаўлены маёмаснага права. У 1840 годзе ў Пецярбургу адбыўся перагляд справы аб канфіскацыі маёмасці Адама Стравінскага, яму дазволілі вярнуцца ў свае ўладанні.

Да часу кіравання маёнткам Адама Стравінскага адносяцца звесткі аб сялянскіх пратэстах у Накрышках і Міроўшчыне. Так, з гістарычных крыніц вядома, што ў красавіку 1862 года сяляне адмовіліся адпрацоўваць паншчыну.

Сын Адама Стравінскага Уладзіслаў аказаўся апошнім уладальнікам Накрышскага маёнтка. Ён жыў пераважна ў Варшаве, а потым прадаў частку свайго маёнтка мясцоваму жыхару, камерсанту-яўрэю Каплінскаму.

Апошнім гаспадаром Міроўшчынскага маёнтка Стравінскіх стаў Ян Стравінскі. Ён самастойна кіраваў сваёй гаспадаркай і дасягнуў ва ўпраўленні вялікіх поспехаў. У сельскагаспадарчую вытворчасць укараняў новыя тэхналогіі. Да гэтага часу ў Міроўшчыне захавалася дрэнажная сістэма, створаная Стравінскім. Менавіта Ян Стравінскі заснаваў бровар у Парэччы. У адрозненне ад брата, Уладзіслава Стравінскага, быў перадавым чалавекам свайго часу. Любіў тэхнічныя навінкі, да прыкладу, ездзіў на асабістым аўтамабілі.

У 1910 годзе Стравінскі мадэрнізаваў сядзібу, пасля рэканструкцыі дом уяўляў сабой аднапавярховы 13-восны будынак, які стаяў на нізкім падмурку. Трохкутная вяршыня порціка падтрымлівалася чатырма калонамі. Дом, пакрыты высокім, спачатку гонтавым, а затым бляшаным дахам, быў атынкованы начыста.

Перад домам, на поўдні, быў размешчаны вялікі газон, па абодва бакі ад якога знаходзіліся аднапавярховыя драўляныя, абтынкаваныя надворныя пабудовы. Адна з пабудоў згарэла падчас Першай сусветнай вайны, другая захавалася да 1939 года.

Вядома, што ў лістападзе 1914 года ў Варшаве адбылася сустрэча Яна Стравінскага з рускім кампазітарам Ігарам Стравінскім. У іх былі агульныя продкі радавога герба Суліма.

У верасні 1939 года Ян Стравінскі, ратуючыся ад прыходу Чырвонай арміі, на сваім аўтамабілі разам з сям’ёй пакінуў дом і маёнтак. У час Вялікай Айчыннай вайны дом Стравінскага ў Міроўшчыне згарэў. Да гэтага часу пра яго нагадваюць уязная брама, падвал пад будынкам былой сталовай райсельгастэхнікі, рэшткі былога цудоўнага парку.

Парк маёнтка Міроўшчына знаходзіўся на плошчы 40 га, быў падзелены на старую і новую часткі. Бліжэй да дома быў стары парк з ліпавай алеяй, вялікімі лістоўніцамі і каштанамі. На ўсіх лужках знаходзіліся клумбы, летам вакол дома раслі шыкоўныя алеандры і пладаносныя цытрусавыя дрэвы.

На паўночнай ускраіне парка мелася капліца з выразанай з дрэва фігурай Божай Маці. Каталіцкая капліца ў Міроўшчыне, якая адносіцца да дзятлаўскай парафіі, згадваецца яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Геаграфічным слоўніку каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін. У лесе знаходзілася статуя святога Яна.

У парк можна было патрапіць з параднай залы маёнтка праз шматкалонны порцік. Закладзены ў XIX стагоддзі, ён займаў плошчу каля трох гектараў роўнага прамавугольніка. Парадная частка парка мела сіметрычна-восевае рашэнне. На аснове кампазіцыйнай восі праходзіла цэнтральная алея. На партэры ў якасці саліцёраў сіметрычна сядзібнаму дому растуць дзве еўрапейскія лістоўніцы і рэдкія экзоты – лепшыя ў Беларусі экзэмпляры піхты аднакаляровай, а таксама елка звычайная, кампактная. З флангаў партэр дэкарыраваны драўнянымі групамі з асобнымі экзотамі (дуапаўночны, явар). За партэрам размешчана пейзажная частка – насаджэнні з граба, ліпы, клёну, белай акацыі, іншых парод.

Захаваўся парк фрагментарна. Сведкамі мінулага стаяць лістоўніцы, таполі, клёны. Старажылы прыгадвалі, што парк заснаваў сам Стравінскі. Таўшчыня адной з лістоўніц у прыкаранёвай часці складае 550 сантыметраў у абхваце, іншых – 469, 430, 400 сантыметраў. Навукоўцы лічаць, што парк перспектыўны для аднаўлення.

Сядзібны дом памешчыкаў Стравінскіх у стылі класіцызм не захаваўся. Апісанне сядзібы змяшчаецца ў другім томе “Гісторыі рэзідэнцый на даўніх ускраінах Рэчы Паспалітай” польскага гісторыка Рамана Афтаназі.

У 1905 годзе Міроўшчына згадваецца як сядзіба ў Пацаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні (28 жыхароў).

З Міроўшчынай звязаны і дваццаць гадоў майго жыцця, самых лепшых маладых гадоў. Успамінаецца толькі добрае і светлае – шчырыя людзі, парк, у якім любіла гуляць з маленькай дачкой, сажалка, дзе ў спякоту забаўляліся дзеці, панскія агароды, на якіх уся наша вуліца мела грады. Як там усё добра расло – проста дзіва! І, безумоўна, ліпавыя алеі. Аграмадныя ліпы і цяпер стаяць перад вачыма. Адна з алей праходзіла праз цэнтральную вуліцу вёскі, дзе мы жылі. Пах ліпавага цвету разносіўся па ўсім наваколлі і п’яніў, дурманіў галаву.

Цяпер  Міроўшчына ўвайшла ў  маршрут турыстычнага падарожжа “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя”.  І мы спадзяёмся, што яе абавязкова палюбяць турысты.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турыстычнага-інфармацыйнага цэнтра