Станіслаў Якаўчык: “Цягнік Памяці” – гэта адзінства і сяброўства”

Культурна-адукацыйны патрыятычны праект “Цягнік Памяці-2024” скончыў сваё вялікае падарожжа да наступнага года.

 

Сёлетнімі яго пасажырамі былі 200 юнакоў і дзяўчат з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана, Азербайджана, Узбекістана. Разам з імі вандраваў наш зямляк, пераможца заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, навучэнец сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Станіслаў Якаўчык.

– 14 дзён дарогі, 9316 кіламетраў, 13 беларускіх і расійскіх гарадоў, дзе мы змаглі пабываць, пакінулі незабыўныя ўражанні і мора эмоцый, – расказвае Станіслаў. – З намі ў падарожжа адправіўся беларускі моладзевы лідар – першы сакратар ЦК БРСМ і каардынатар праекта ад Беларусі, член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў. У час вандроўкі мы сустракаліся са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і спікерам Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка, паколькі менавіта пад эгідай верхніх палат парламентаў ажыццяўляецца праект “Цягнік Памяці”. Абедзве жанчыны-палітыкі выступілі перад намі з пажаданнямі ў дарогу. Далучыўся да пасажыраў цягніка і член Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Аляксандр Карэлін.

У нас былі чатыры атрады, якія адрозніваліся па колеры формы і дзяліліся на падатрады, я быў у саставе “4.1”. Аднак сяброўскія сувязі ўстанавіліся далёка за іх межамі. У мяне з’явіліся сябры з Расіі, Казахстана, Азербайджана, Арменіі, напрыканцы сумна было развітвацца, але цяпер стасункі падтрымліваем у інтэрнэце. Наогул, “Цягнік Памяці” – гэта адзінства, сяброўства, знакавыя мясціны, памяць і ўсё тое трапяткое, што нас гуртуе.

– Якія гарады і мясціны больш запомніліся?

– Безумоўна, Мамаеў курган у Валгаградзе з яго велічным і кранальным помнікам “Радзіма-маці кліча!”. Гэты мемарыяльны ансамбль прысвечаны Героям Сталінградскай бітвы – адной з важнейшых і буйнейшых за гісторыю Вялікай Айчыннай вайны – і сімвалізуе моц духу савецкага народа.

Калі казаць пра Беларусь, то глыбокія ўражанні пакінула Буйніцкае поле – мемарыяльны комплекс-музей пад адкрытым небам недалёка ад Магілёва. Гэты кавалачак беларускай зямлі прапітаны крывёй герояў 388-га стралковага палка, якія 23 дні ў далёкім 1941 годзе стаялі насмерць. Мы ўсклалі кветкі ў памяць пра іх подзвіг і паўдзельнічалі ва ўрачыстай праграме.

– Ці збылася твая мара ўбачыць Маскву?

– Збылася, хаця расійская сталіца сустрэла нас спёкай +36 градусаў. Тым не менш, мы пабывалі ў Крамлі, пабачылі Цар-пушку і Цар-звон, наведалі павільён ВДНГ. Калі трапляеш у яго, нібыта ажыццяўляеш экскурс у будучыню – так па-майстэрску скампанаваны высокія тэхналогіі і сучаснасць.

Калі ж казаць пра майстэрства мінулых пакаленняў, то да глыбіні душы ў Санкт-Пецярбургу ўразіў Пецяргоф з яго велічнай і прыгожай сістэмай фантанаў, якая функцыянуе да нашых дзён.

– Ці склаліся ў праекта свае традыцыі?

– Думаю, самай яркай, запамінальнай, цёплай і кранальнай сярод іх з’яўляецца цырымонія развітання. Напярэдадні расставання наш цягнік прыбыў у парк “Патрыёт” у падмаскоўнай Кубінцы. Гэта маштабны шматгранны комплекс, прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе мы не толькі прайшлі “Дарогамі памяці”, але і вечарам усе разам пасядзелі каля вогнішча, паспявалі песні. У беларускай сталіцы, у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, для нас быў арганізаваны флэш-моб па абмене пажаданнямі.

– Якія знакавыя падзеі і вядомыя асобы трапілі ў фотагалерэю твайго мабільнага тэлефона?

– Мне ўдалося сфатаграфавацца з Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэем Іванцом, членам Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Аляксандрам Карэліным, а яшчэ мы рабілі сумесныя здымкі з атрадам. Што тычыцца падзей, то вельмі шчыра “Цягнік Памяці” праводзілі ў Полацку, дзе сабралася шмат моладзі.

– Ці атрымаў для сябе памятны сувенір?

– Іх нам дарылі ў кожным горадзе. Найбольш мне спадабалася сімвалічная шклянка з металічнай падстаўкай, якія раней выкарыстоўваліся ў цягніках, каб паіць пасажыраў чыгункі чаем. Свайму брату, які цікавіцца гісторыяй, я прывёз невялікі бюст Сталіна.

– Ці вызначыліся паслядоўнікі, якія жадаюць удзельнічаць у конкурсе, каб трапіць на “Цягнік Памяці”?

– Цікавяцца многія, але, мяркую, будучыя канкурсанты з’явяцца пасля 1 верасня. Я гатовы іх падтрымаць і дзяліцца вопытам.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Станіслава ЯКАЎЧЫКА