Сям’я Маркевічаў сябе паказала, на іншых паглядзела

У агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2024”.

Ён аб’яднаў маладыя сем’і з розных раёнаў Прынёмання, якія жывуць у сельскай мясцовасці і працуюць на зямлі.

Дзятлаўшчыну ў Гродне прадстаўляла сям’я “сярэбраных” раённых пераможцаў Ігара і Алесі Маркевічаў, якіх падтрымлівалі спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і калега мамы з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Наталля Якабчук.

На абласным этапе праекта сем’і прадставілі свае візітныя карткі, у якіх расказалі пра сябе, сямейныя традыцыі, захапленні, а таксама запрасілі членаў журы да “дамашняга стала”. Канкурсанты паспаборнічалі ва ўменні запрагаць каня, секчы дровы, майстраваць з дрэва. Яркім момантам свята стала жартоўная сельская спартыўная эстафета. Мелі сем’і і “дамашняе заданне” – загадзя падрыхтаваны відэаролік “Мая сям’я”.

Цікава было даведацца ў нашых землякоў пра ўражанні ад паездкі.

Наталля Якабчук:

– Уражанні найлепшыя. Арганізатары – вялікія малайцы, улічылі і тое, што сем’і прыедуць з дзецьмі, якія змаглі пабачыць цікавінкі маёнтка “Каробчыцы”. Безумоўна, нашым Ігару і Алесі Маркевічам было няпроста, бо заўжды адказна і складана прадстаўляць цэлы раён. Аднак яны справіліся. За даволі кароткі тэрмін старанна адрэпеціравалі праграму, нагатавалі прысмакаў, падрыхтавалі да ўдзелу старэйшага сына Святаслава. Малодшы Яраслаў яшчэ маленькі, ходзіць у дзіцячы сад, ён застаўся дома. Нягледзячы на вельмі сур’ёзную канкурэнцыю, яны сталі ўладальнікамі дыплома ІІІ ступені за візітоўку. За Ігара і Алесю Маркевічаў “хварэў”, вельмі падтрымліваў, дапамагаў увесь наш калектыў. Мы жадаем сям’і і надалей поспехаў, удачы, кахання і каб у госці яшчэ завітаў бусел і прынёс дачушку.

Алеся Маркевіч:

– Мне падабаюцца такія праекты, бо дома мы трымаем вялікую гаспадарку, ёсць і свой трактар, каб апрацоўваць надзел зямлі, дзе вырошчваем бульбу і зерне на корм жывёле. І хоць запрашэнне прадставіць Дзятлаўшчыну ў Гродне было крыху нечаканым, мы з задавальненнем выступілі за гонар свайго раёна, у нашай сям’і заўжды ёсць што паказаць. У выніку сталі “бронзавымі” прызёрамі візітоўкі, дзе здзіўлялі журы свежымі чарніцамі і малінамі на сямейным стале, якія я сама сабрала перад паездкай, бутэрбродамі з дамашнім салам. Зразумела, што мы б не адмовіліся ад большай групы падтрымкі, бо цяжка было спраўляцца “сціплымі” сіламі, тым не менш, наш раён выглядаў не горшым на фоне іншых. Вельмі дапамог, праявіў зацікаўленасць і калектыў мужа – Дзятлаўскага лясгаса, за што мы шчыра ўдзячныя. Наогул, праект “Уладар сяла” дастойны, цікавы, адметны, у ім варта паўдзельнічаць. Абласныя арганізатары пастараліся, каб, нягледзячы на спёку, канкурсанты адчувалі сябе добра, была вада, нас пакармілі, без затрымак праводзілі іспыты, каб максімальна скараціць час знаходжання на сонцы. Мы гатовы і любім удзельнічаць у падобных праектах: цудоўна выехаць у такія прыгожыя мясціны, як “Каробчыцы”, паглядзець на іншых, сябе паказаць, адчуць дух спаборніцтваў.

Мы жадаем праекту “Уладар сяла” прадаўжацца і развівацца, бо ён надзвычай цікавы і актыўны, гэта адзначаюць многія сем’і, якія нават па некалькі разоў ужо паўдзельнічалі ў конкурсе.

Ірына СТЫРНІК