Санаторная карта. Ёсць пуцёўкі ў “Баравічок”

Як аздараўліваюцца юныя дзятлаўчане летам 2024 года.

Як аздараўліваюцца юныя дзятлаўчане летам 2024 года і ці ёсць яшчэ пуцёўкі ў любімы дзятлаўчанамі “мясцовы” лагер “Баравічок”, пагутарылі з вядучым спецыялістам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Дзятлаўскім раёне Марынай Міклуш.

– Марына Віктараўна, як рэалізуецца летняя аздараўленчая кампанія для школьнікаў?

– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна па стане на 20 чэрвеня функцыянуе 18 летнікаў з кругласутачным знаходжаннем у іх дзяцей. З іх – 5 летнікаў працы і адпачынку, у якіх 80 дзяцей нашага раёна не толькі аздаровяцца, але і заробяць грошы, і 4 палатачныя кругласутачныя летнікі.

– Ці прыме сёлета на адпачынак дзяцей “Баравічок”?

– Так, лагер з кругласутачным знаходжаннем “Баравічок” на базе філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” пачне работу з 26 чэрвеня. Працаваць ён будзе ў чатыры змены па 47 чалавек. Запланавана аздараўленне 41 дзіцяці з ліку дзяцей-сірот і інвалідаў за кошт сродкаў абласнога бюджэту.

– Ці ёсць яшчэ месцы на гэты сезон, і колькі каштуе пуцёўка?

– На сёння ў лагер “Баравічок” засталіся свабодныя пуцёўкі на 4-ю змену, з 13 па 28 жніўня. Калі ёсць жадаючыя адправіць сваіх дзетак на аздараўленне і вясёлы адпачынак, калі ласка, тэлефануйце да мяне на нумар 6-11-75, я дам тлумачэнні па ўсіх пытаннях, якія вас цікавяць. Поўны кошт пуцёўкі складае 548 рублёў 55 капеек, аднак бацькам не трэба плаціць усю суму, паколькі з рэспубліканскага бюджэту на патанненне кожнай пуцёўкі выдзяляецца 248 рублёў.

Ірына КАМАРОВА