Дапамога побач: на Дзятлаўшчыне ліквідуюць наступствы стыхіі

Моцная бура з дажджом і шквалістым ветрам, якая бушавала адразу ў некалькіх раёнах Гродзеншчыны вечарам 19 і ноччу 20 чэрвеня, не абышла і наш раён.

На працягу ночы супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС ажыццявілі пяць выездаў на паведамленні ад грамадзян аб аказанні дапамогі ў ліквідацыі наступстваў непагоды.

З-за стыхіі пацярпела домаўладанне жыхара вёскі Малдавічы, які жыве адзінока: галіна дрэва, адарваная ветрам, сур’ёзна пашкодзіла дах дома. Мужчына часова размешчаны ў арэндным жыллі ў гарпасёлку Казлоўшчына.

Як паведамілі ў Дзятлаўскім раёне электрычных сетак, аварыйныя адключэнні электразабеспячэння населеных пунктаў раёна пачаліся вечарам 19 чэрвеня, да 22 гадзін без электрычнасці засталіся 23 населеныя пункты раёна. У экстранным рэжыме дадаткова былі задзейнічаны дзве лінейныя брыгады электрычных сетак. Да 2 гадзін ночы колькасць абясточаных населеных пунктаў скарацілася да 16, да 8 гадзін раніцы – да 10. На цяперашні момант без электрычнай энергіі застаюцца 3 населеныя пункты, электразабеспячэнне плануецца аднавіць да 18 гадзін.

Лясны фонд раёна пацярпеў найменш: былі пашкоджаны толькі адзінкавыя дрэвы.

Наталля АВЯРЧУК