23 чэрвеня – 80 год з дня пачатку стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”

У падзеях Вялікай Айчыннай вайны 1944-ы лічыўся годам вырашальных перамог. За гэты перыяд Чырвоная армія правяла дзесяць стратэгічных аперацый, якія атрымалі пасля назву “10 сталінскіх удараў”.

Пятым і самым маштабным стаў беларускі, здзейснены ў форме наступальнай аперацыі “Баграціён” з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года войскамі чатырох франтоў, у выніку чаго была вызвалена ўся Беларусь, частка Прыбалтыкі і Польшчы.

Стратэгічны маштаб аперацыі “Баграціён” адлюстроўвае састаў савецкіх войскаў. Да ўдзелу ў ёй былі прыцягнуты войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў (камандуючыя – генерал арміі Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі, генерал арміі Георгій Фёдаравіч Захараў і генерал-палкоўнік Іван Данілавіч Чарняхоўскі), а таксама войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы – генерал арміі Іван Хрыстафоравіч Баграмян). Чатыры франты аб’ядноўвалі 15 агульнавайсковых і 2 танкавыя арміі. Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 мільёна салдат і афіцэраў, 36 400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак. Войскі падтрымлівала авіяцыя пяці паветраных армій. Усяго было задзейнічана больш за 5 тысяч баявых самалётаў.

У рамках аперацыі шэраг задач меркавалася вырашаць сіламі беларускіх партызан, якія вясной 1944 года кантралявалі больш за 50 % тэрыторыі Беларусі. Да лета 1944 года колькасць народных мсціўцаў перавышала 374 тысячы чалавек, якія былі аб’яднаны ў 1255 атрадаў. Менавіта яны забяспечылі параліч аператыўнага тылу групы армій “Цэнтр”.

Генеральнае наступленне пачалося 23 чэрвеня, а ўжо 24 чэрвеня войскі Чырвонай арміі прарвалі абарончую лінію нямецкіх войскаў. Сталіца Беларусі – горад Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня 1944 года танкістамі і пяхотай 1-га і 2-га Беларускіх франтоў. У выніку першага этапу аперацыі “Баграціён” варожая групоўка армій “Цэнтр” пацярпела поўнае паражэнне. У ходзе другога этапу Беларускай аперацыі ў ліпені 1944 года былі вызвалены Маладзечна, Смаргонь, Баранавічы, Навагрудак, Пінск, Гродна. А вызваленнем Брэста 28 ліпеня завяршылася выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі.

Тэрыторыю Дзятлаўскага раёна вызвалялі часці і злучэнні войскаў 2-га Беларускага фронту, якім камандаваў генерал-палкоўнік Георгій Фёдаравіч Захараў: часткі 5-й дывізіі 3-й арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Аляксандра Васільевіча Гарбатава: 348-я стралковая дывізія генерал-маёра Мікалая Аляксандравіча Нікіціна, 283-я стралковая дывізія палкоўніка Васіля Андрэевіча Канавалава, 169-я стралковая дывізія палкоўніка Фёдара Андрэевіча Вяроўкіна, 129-я стралковая Арлоўская дывізія генерал-маёра Івана Уладзіміравіча Панчука, 269-я дывізія генерал-маёра Аляксея Фёдаравіча Кубасава, 120-я стралковая дывізія генерал-маёра Яна Янавіча Фогеля.

Вызваленне Дзятлаўскага раёна пачалося з рэйду ў тыл ворага 556-га стралковага палка, якім камандаваў падпалкоўнік Пётр Васільевіч Качур (169-я стралковая дывізія). Яны вялі баі за мястэчка і станцыю Дварэц, якімі авалодалі 9 ліпеня 1944 года. Горад Дзятлава быў вызвалены ў гэты ж дзень 283-й стралковай дывізіяй Васіля Андрэевіча Канавалава. У аперацыі прымала ўдзел і авіяцыя. Ліпеньскімі днямі каля Наваельні некаторы час дзейнічаў прамежкавы палявы аэрадром 46-га гвардзейскага Таманскага авіяцыйнага жаночага палка, якім камандавала Герой Савецкага Саюза Еўдакія Давыдаўна Бяршанская. Баі па канчатковым вызваленні Дзятлаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вяліся яшчэ 10-11 ліпеня 1944 года.

У выніку наступальнай аперацыі “Баграціён” Чырвонай арміяй была цалкам вызвалена Беларусь, частка Прыбалтыкі і ўсходнія раёны Польшчы. На фронце ў 1100 кіламетраў савецкія войскі прайшлі на глыбіню да 600 кіламетраў. Фактычна была разгромлена група армій “Цэнтр”, а група армій “Поўнач” пастаўлена пад паражэнне. У ходзе Беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій страцілі больш за палову свайго саставу. Былі захоплены выгадныя плацдармы для далейшага наступлення на Польшчу і далей на Германію.
(Працяг будзе)

Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей