І як бы скептычна, часам крыўдліва ні ставіліся працадаўцы да візітаў і прадпісанняў правяраючых, яны могуць засцерагчы ад сапраўднай бяды.

Найбольш ярка гэту аксіёму ілюструе сфера будаўніцтва, дзе ад падрадчыкаў патрабуецца не толькі своечасовае, надзейнае выкананне сваіх абавязкаў, але  і стварэнне зручных, а галоўнае – бяспечных умоваў працы.

– 2024 год абвешчаны ў Беларусі годам бяспекі ў будаўніцтве, – расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, член мабільнай групы Святлана Латушка. – З гэтай нагоды мабільная група райвыканкама разам з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі наведвае аб’екты будаўніцтва раёна і правярае выкананне заканадаўства па ахове працы. Пад увагай інспектараў стан бытавых памяшканняў, тэрыторыі, дакументацыі.

Гэтым разам аб’ектам увагі стала будаўнічая пляцоўка шматкватэрнага дома ў гарпасёлку Казлоўшчына, які будзе ператвораны ў арэнднае жыллё. Увесь аб’ём работ – ад пракладвання камунікацый да ўнутранай аддзелкі тут ажыццяўляе ААТ “Зодчий” са Слонімшчыны. Працуюць зладжана, актыўна, згодна з заяўленым графікам. Плануюць завяршыць работы нават на месяц раней абазначанага тэрміну.

Аднак ёсць тут свая “лыжка дзёгцю”, а дакладней, і не адна. У ходзе праверкі інспектары выявілі шэраг недахопаў і парушэнняў, якія патрабуюць неадкладнага выпраўлення. На аб’екце не ўкамплектаваны належным чынам аптэчкі, тэрыторыя захламленая, няма спецыяльнага месца для захоўвання будаўнічых адходаў, недастаткова ўмоваў для выканання правілаў асабістай гігіены.

Не такая крытычная сітуацыя ў прыватных прадпрыемствах “Конвига” і “Панэкспо”, якія дзейнічаюць у пасёлку, аднак і тут ёсць на што звярнуць увагу.

– Усе парушэнні адлюстраваны ў рэкамендацыях, якія ў пісьмовым выглядзе будуць адпраўлены кіраўнікам арганізацый для выканання, – адзначыла Святлана Іванаўна.

Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Казаком камісія наведала яшчэ адзін будаўнічы аб’ект у ТАА “РоданАграПол”, дзе ўладкоўваюць бытавыя і санітарныя памяшканні для работнікаў.

– Дырэкцыяй арганізацыі ўжо былі падпісаны рэкамендацыі па выніках маніторынгу, – адзначыла ўдзельніца міжведамаснай камісіі, памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык. – Засталося выканаць іх у зацверджаны тэрмін.

Наталля АВЯРЧУК