Сіні-сіні бушуе лён – шоўк беларускі. У аграгарадку Дварэц зноў адзначылі свята лёну

Яно прайшло ярка і запамінальна: гучалі песні, адбыўся паказ моднай калекцыі, стартавала вясёлая сельская эстафета, падсілкавацца рознай смакатой можна было на гасціннай гастранамічнай пляцоўцы.

 

На свята прыехалі госці з Гродна са сваім танцавальным нумарам: у льняных строях Алена і Андрэй Гурыны і іх сябры.

– Гэта наша “хараводная сям’я”. Мы з Гродна, прадстаўляем хараводны рух, праводзім гульні, маладзецкія забавы, жаночыя лілейнікі, вяселлі. На Дзятлаўшчыне пераначавалі на сенавале, паляпілі гаршкі ў майстра з Наваельні Анатоля Кардаша. Паколькі ведалі, што ў Дварцы праводзіцца свята лёну, то захапілі свае льняныя сукенкі і кашулі ручной работы. Хочам сябе паказаць, на іншых паглядзець, выступім у час праграмы, – расказалі Гурыны.

На адкрыцці свята першым яго ўдзельнікаў павітаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч.

– Нездарма лён называюць беларускім золатам. Здаўна гэту культуру апрацоўвалі і выкарыстоўвалі нашы продкі, – адзначыў Канстанцін Адамавіч. – Лён – гэта брэнд дварэцкай зямлі, бо тут знаходзіцца ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Работнікі прадпрыемства не толькі перапрацоўваюць ільнотрасту, але і самі вырошчваюць і нарыхтоўваюць сыравіну, а гэта адна з найбольш працаёмкіх культур. Праяўляючы працавітасць і стараннасць, калектыў завода дасягнуў высокіх вынікаў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Жадаем, каб з кожным годам яны паляпшаліся. Наш аграгарадок Дварэц багаты гісторыяй, развіваецца і працвітае, і ў гэтым ваша заслуга. Дарагія землякі, дзякую вам за працу, жадаю моцнага здароўя і дабрабыту!

У рамках адкрыцця ўрачыстасці на святочнай сцэне прайшоў “парад” брэндавых святаў раёна. Разам з гаспадарамі пляцоўкі іх прадставілі госці з іншых куткоў Дзятлаўшчыны. Гарадскі пасёлак Наваельня – свята вышыванкі, Казлоўшчына – Казлоўшчынскія прысмакі, аграгарадок Гезгалы – свята бульбы, Круцілавічы – свята рыбака.

Усіх гасцей і ўдзельнікаў урачыстасці, вядома ж, запрасілі на гастранамічную пляцоўку “Смаку і настрою”.

Яркім момантам праграмы стаў выезд яго вялікасці – Цара з аграгарадка Дварэц. Алякасандр “усяго Дварца” прыехаў на матацыкле і расказаў, чым багатыя неабсяжныя тэрыторыі яго дварэцкай дзяржавы. Самадзержац адразу ж аб’явіў загад для ўдзельнікаў свята: не працаваць, а весяліцца і адпачываць.

Прыгожы верш “Квітнеюць льны на Дзятлаўшчыне” нашай зямлячкі, паэтэсы Алены Абрамчык прачытала мясцовая жыхарка Раіса Сокал. Не абышлося і без падарункаў, якія падрыхтавалі артысты народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры.

У музей пад адкрытым небам усіх жадаючых запрашалі на майстар-класы па лозапляценні, ганчарным майстэрстве, вышыўцы, прадзенні народныя майстры раёна Сяргей Балыкоў, Анатоль Кардаш, Таццяна Загорцава, Марына Лотыш.

Ранейшыя сакрэты няпростага і вельмі працаёмкага працэсу вырошчвання і апрацоўкі лёну са сцэны раскрыла старадаўняя майстрыха. Сучасную модную калекцыю льнянога адзення – трэнд спякотнага лета – ад педагога сярэдняй  школы № 1 горада Дзятлава Марыі Цімошка прадставілі юныя мадэлі – навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы.

Па добрай беларускай традыцыі не абышлося свята і без спаборніцтваў. На старт вясёлай сельскай эстафеты выйшлі тры каманды.

Не пуставала дзіцячая пляцоўка. Малеча з задавальненнем весялілася на надзіманых горках, ела салодкія прысмакі. Побач працавалі гандлёвыя і выставачныя павільёны, дзе была магчымасць выбраць сувеніры ручной работы. А для аматараў пафатаграфавацца і зняць кароценькія ролікі для сацыяльных сетак былі аздоблены тэматычныя фотазоны.

Пакуль журы падводзіла спартыўныя вынікі, добры настрой і цудоўныя песні гледачам дарылі артысты Гродзенскай абласной філармоніі.

Напрыканцы адбылася цырымонія ўзнагароджання. Дыплом за І месца ў вясёлай сельскай эстафеце заваявала каманда ААТ “Дварэцкі льнозавод”, на другім месцы аказалася каманда ААТ “Дварэц-Агра”, “бронзавая” перамога дасталася камандзе Дварэцкай сярэдняй школы.

 Ірына СТЫРНІК